-
ВЕРАСЕНЬ 2020
17 верасня 2020
Затрыманне Марфы Рабковай.
Марфа была затрыманая ўвечары па дарозе дадому. Разам з ёю быў затрыманы ейны муж. Праз некалькі гадзін яго адпусцілі. -
18 верасня 2020
Заява Рады ПЦ "Вясна" наконт затрымання Марфы Рабковай.
"Спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з'яўляюцца неабгрунтаванымі, надуманымі і палітычна матываванымі."
Заява Amnesty International аб прызнанні Марфы Рабковай вязнем сумлення.
"Amnesty International лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай пераследу выключна за сваю працу па абароне правоў чалавека і з'яўляецца вязнем сумлення."
Заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, партнёрства Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (ОМСТ) і FIDH, па факце пераследу праваабаронцы Марфы Рабковай.
-
КАСТРЫЧНІК 2020
кастрычнік 2020
Праваабаронцы "Вясны" праводзяць кампанію па зборы паручальніцтваў за Марфу Рабкову.
-
2 кастрычніка 2020
Затрыманне Андрэя Чапюка.
У гэты дзень у розных гарадах Беларусі адбываліся затрыманні і ператрусы. "Вясне" вядома пра мінімум 14 затрыманых у той дзень, сярод іх і валанцёр Андрэй Чапюк. -
13 кастрычніка 2020
Прызнанне Андрэя Чапюка палітвязнем.
Праваабаронцы патрабуюць спыніць крымінальны пераслед свайго валанцёра.
Праваабаронцы ў чарговы раз заяўляюць, што не спыняць сваю дзейнасць, нягледзячы на напады і запалохванне. "Мы будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасць на карысць усяго беларускага народа!"
-
14 кастрычніка 2020
ПЦ "Вясна" выпускае фільм "Свабоду Марфе Рабковай".
Праваабаронцы лічаць, што затрыманнем Марфы Рабковай беларускія ўлады вырашылі адпомсціць і запалохаць валанцёраў за іх актыўную дзейнасць па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі і па дапамозе пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў. -
22 кастрычніка 2020
Марфа Рабкова становіцца тварам кампаніі #BelarusHeroes.
"Жадаем, каб зняволеныя ведалі, што пра іх думаюць, што яны вядомыя і сталі нашымі героямі, а рэжыму будзе не так проста іх крыўдзіць і бясконца трымаць за кратамі."
-
ЛІСТАПАД 2020
2 лістапада 2020
У Андрэя з'яўляецца "хросная" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
Лідэрка парламенцкай групы "Бундніс 90/Зялёныя" ў нямецкім Бундэстагу Катрын Гёрынг-Экард становіцца "хроснай" валанцёра Андрэя Чапюка. -
24 лістапада 2020
У Марфы з'яўляецца "хросная" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
"Хроснай" Марфы стала намесніца кіраўніка парламенцкай групы "Альянс 90/Зялёныя" ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер. -
СНЕЖАНЬ 2020
17 снежня 2020
Ліст Марфы з турмы.
"Вельмі сумую па нашаму руху, але ведаю, што там усё ў парадку, дзейнасць ідзе сваім ходам."
-
СТУДЗЕНЬ 2021
6 студзеня 2021
Марфа Рабкова сустракае дзень народзінаў у зняволенні.
-
18 студзеня 2021
Затрыманне Леаніда Судаленкі.
Леанід быў затрыманы раніцай, па дарозе ў офіс. Ён пакінуў у рэдакцыі "Гомельскай Вясны" асабістае бачанне сітуацыі, звязанай з вобшукамі і арыштам з паметкай "Апублікаваць пасля арышту". "Сістэмны ціск на праваабаронцаў у Беларусі працягваецца. Мы сутыкаемся з крыміналізацыяй нашай мірнай дзейнасці, падвяргаемся сістэмнаму прыгнёту і запалохванню, адвольным затрыманням, прыніжаючаму годнасць абыходжанню, абмежаванням на перамяшчэнне, дыскрымінацыяй паводле сваіх перакананняў."
-
21 студзеня 2021
Затрыманне Таццяны Ласіцы.
Яна збіралася вылецець у Вільню, але днём сувязь з ёй знікла. У аэрапорце паведамілі, што яна не скарысталася білетам. Як высветлілася наступнай раніцай, Таццяну затрымалі і змясцілі ў ізалятар у Гомелі. -
22 студзеня 2021
Front Line Defenders заклікае спыніць крымінальны пераслед Л. Судаленкі.
"Арганізацыя Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі неадклаадна спыніць крымінальны пераслед Леаніда Судаленкі, паколькі ён выкліканы выключна ягонай законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю."
-
28 студзеня 2021
Леаніду Судаленку прад'яўляюць абвінавачванне.
Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванні такой дзейнасці. -
29 студзеня 2021
Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб вызваленні Таццяны Ласіцы.
"Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты валанцёркі ПЦ "Вясна" Таццяны Ласіцы і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яе."
-
ЛЮТЫ 2021
11 лютага 2021
Марфе Рабковай прад'явілі новыя абвінавачванні.
"Замест таго, каб адказаць на пытанні аб сотнях закатаваных і скалечаных беларусаў, зацікаўленыя органы спрабуюць перавесці ўвагу, каб народ забыўся пра жнівень 2020 і з чаго пачаліся пратэсты."
-
11 лютага 2021
Справу Леаніда Судаленкі перадаюць у Цэнтральны апарат Следчага камітэта.
"У дзень па 15-20 лістоў атрымліваю. Вечарамі адпісваюся, дык час хутчэй ляціць. Ужо адвык ад сацсетак, давядзецца наноў вучыцца."
-
САКАВІК 2021
5 сакавіка 2021 Заява Рады Праваабарончага цэнтра "Вясна" з патрабаваннем вызваліць Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу. -
18 сакавіка 2021 Сумесная заява Amnesty International, Human Rights Watch, People in Need, Helsinki Foundation for Human Rights, Fidh, IMS, Norwegian Helsinki Committee, IPHR i Frontline Defenders пад назвай "Беларусь: пакласці канец рэпрэсіям супраць праваабаронцаў". -
КРАСАКАВІК 2021
28 красавіка 2021
Леанід Судаленка 100 дзён у зняволенні.
-
30 красавіка 2021
Марфу Рабкову ставяць на прафулік як "схільную да экстрэмізму".
-
ТРАВЕНЬ 2021
10 траўня 2021 Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ўдастоеныя прэміі Homo Homini грамадзянскага і праваабарончага цэнтра "Чалавек у бядзе" за 2020 год. -
15 траўня 2021
Таццяна дасылае сваім блізкім ліст і малюнак.
"Нягледзячы ні на што, думай толькі пра добрае, усё гэта часовыя цяжкасці. Усё наладзіцца, усё будзе добра!"
-
17 траўня 2021
Андрэй Чапюк сустракае свой дзень народзінаў у турме.
"І вось у яго такі дзень быў - мы паснедалі, потым у яго чытанне, пасля абеду заняткі фізічныя, на шпацыры заняткі фізічныя, зноў чытанне і нейкія бытавыя справы.
І вось Андрэй і вёў такое жыццё - спорт, чытанне, спорт. Яго ніхто ніколі не чуў і не бачыў - ён быў увесь час заняты. Увесь час у сабе."
Алег Граблеўскі -
ЧЭРВЕНЬ 2021
30 чэрвеня 2021
Дэпутат Бундэстага Канстанцін фон Ноц бярэ сімвалічную апеку над Судаленкам.
"Леанід Судаленка, "хросным" якога я маю гонар стаць, ужо больш за дваццаць гадоў змагаецца як добраахвотны абаронца правоў беларусаў і беларусак ад парушэнняў з боку дзяржавы."
-
ЛІПЕНЬ 2021
14 ліпеня 2021
Затрыманне Алеся Бяляцкага.
З раніцы адсутнічала сувязь з Алесем Бяляцкім. У 18.00 стала вядома, што ён затрыманы. Ператрус адбыўся дома ў праваабаронцы, а таксама ў офісах "Вясны". -
14 ліпеня 2021
Затрыманне Валянціна Стэфановіча.
У кватэры Стэфановіча раніцай адбыўся ператрус. Забралі ўсю тэхніку. Валянціна павезлі на допыт. -
14 ліпеня 2021
Затрыманне Уладзіміра Лабковіча.
Уладзіміра затрымалі разам з жонкай Нінай Лабковіч 14 ліпеня пасля ператрусу ў іх кватэры. Пасля іх павезлі ў ДФР, а потым на допыт у Следчы камітэт. -
15 ліпеня 2021 Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні палітвязнямі затрыманых сябраў "Вясны" і грамадскіх актывістаў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. -
18 ліпеня 2021 Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) правяла ў Парыжы акцыю салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі "Вясны" і ўсімі палітвязнямі Беларусі. -
26 ліпеня 2021 161 праваабарончая арганізацыя з усяго свету патрабуюць спыніць рэпрэсіі супраць Праваабарончага цэнтра "Вясна", вызваліць праваабаронцаў і валанцёраў. -
27 ліпеня 2021 Сусветны ліст у падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. -
ліпень 2021
Ціск на Андрэя ў СІЗА-1.
На Андрэя склалі рапарт аб парушэнні парадку за тое, што ён сушыў ручнік на дужцы нары. Пры гэтым, акрамя адной маленькай батарэі, месцаў для сушкі на ўсіх арыштантаў у камеры няма, і яны вымушаныя сушыць свае рэчы, як атрымаецца. -
28 ліпеня 2021
Еўрадэпутаты выступілі ў абарону Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча.
"Іх затрыманне - ганьба. Беларускія ўлады павінны зразумець, што немагчыма пасадзіць у турмы ўсё грамадства, якое ў мінулым годзе праявіла неверагодную мужнасць і рашучасць у барацьбе за свабоду."
-
29 ліпеня 2021
Суд адмовіў Бяляцкаму ў задавальненні скаргі на меру стрымання, праваабаронца застаецца ў СІЗА.
Атрыманы першы ліст ад Алеся Бяляцкага.
Першы ліст ад Алеся быў пад нумарам тры, што азначае, што другія два не дайшлі. -
29 ліпеня 2021
Першы ліст ад Валянціна Стэфановіча.
"Я ведаю, што адбываецца ў апошнія дні ў нашай краіне. Наш арышт з'яўляецца зразумелай з'явай у гэтай сітуацыі. Я настройваюся на вельмі доўгае расстанне са свабодным светам, але ўсё роўна спадзяюся на лепшае. Усё пройдзе, пройдзе і гэта, і мы зноў будзем разам."
-
ЖНІВЕНЬ 2021
6 жніўня 2021
У Марфы Рабковай памірае бацька. На развітанне з ім праваабаронцу не адпусцілі.
-
14 жніўня 2021
Уладзімір месяц за кратамі.
Уладзімір Лабковіч мае складаную сітуацыю с карэспандэнцыяй: родныя атрымалі толькі па адным лісце ад яго. А вось Уладзімір ад іх не атрымліваў лістоў увогуле. Піша, што трымаецца "нармальна", наколькі гэта магчыма ў гэтай сітуацыі. "Я думаю, што мы будзем побач, нават калі мы будзем сядзець."
-
25 жніўня 2021 Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (ОМСТ) асуджаюць зняволенне "вясноўцаў". -
26 жніўня 2021
Леанід Судаленка атрымлівае спатканне з жонкай перад судом.
"І як мяне можа судзіць чалавек, які не бачыць для спаткання "прававых падступаў", бо закон не забараняе спатканні з блізкімі сваякамі?"
-
30 жніўня 2021
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца адмовіліся пісаць прашэнне аб памілаванні па прапанове Юрыя Васкрасенскага.
"І мне, і Таццяне прыходзілі лісты з прапановай аб памілаванні, але гэта не варыянт, бо трэба прызнаць віну. Канешне, мы не пісалі. Няхай яны самі скажуць, што праваабарона = злачынства..."
(з ліста Л. Судаленкі) -
ВЕРАСЕНЬ 2021
верасень 2021
Праводзіцца конкурс ілюстрацый "Кот на Валадарцы" ў падтрымку Валянціна Стэфановіча.
"Я ведаю пра кампанію ў нашу падтрымку. Я ў гэтым і не сумняваўся. Я верыў і веру ў вас, сябры, я ведаю, што вы робіце ўсё, што ў вашых сілах, у нашу падтрымку. Гэтыя намаганні рана ці позна прынясуць свой плён. Я гэта ведаю."
-
3 верасня 2021
Пачатак суда над Судаленкам і Таццянай Ласіцай.
Таццяне выклікалі хуткую дапамогу падчас судовага пасяджэння. "Як ты ўжо ведаеш, суд зрабілі закрытым ад граху падалей. Цёмныя справы робяцца за замкнёнымі дзвярыма, і з гэтым не паспрачаешся. Я абскардзіў тым не менш, патрабуючы публічнасці суду."
-
10 верасня 2021
У Алеся з'яўляецца "хросная" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Нікола Бір падтрымала Алеся Бяляцкага. "Быць актыўным удзельнікам грамадзянскай супольнасці не з'яўляецца злачынствам. Новая дэмакратычная Беларусь, нараджэнне якой мы бачым, мае патрэбу ў вас, Алесь Бяляцкі."
-
10 верасня 2021
Ва Уладзіміра з'яўляецца "хросны" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
Дэпутат нямецкага Бундэстага Штэфан Гельбхаар узяў на сябе абавязкі "хроснага" Уладзіміра Лабковіча. -
10 верасня 2021
У Валянціна з'яўляецца "хросны" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
Ім стаў старшыня дэпутацкай групы "Саюз 90/Зялёныя" ў нямецкім Бундэстагу Антон Хофрайтэр. "Дзеля ўсіх тых, каму зараз патрэбная наша падтрымка і салідарнасць, я бяру на сябе палітычныя абавязкі "хроснага" Валянціна Стэфановіча."
-
17 верасня 2021
Марфа ў турме ўжо год.
"Мне таксама не верыцца, што мінуў год. Часам ад гэтага становіцца сумна, як падумаеш аб тым, колькі часу ты ў зняволенні. Час хутка ідзе, і чым далей - тым хутчэй. Ведаць бы, колькі яшчэ цярпець, нават калі дзень вызвалення не хутка, хацелася б яго ведаць. Так прасцей чакаць, невядомасць вымотвае."
-
17-18 верасня 2021 Старт міжнароднай кампаніі за вызваленне праваабаронцаў Вясны - #FreeViasna. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць вызвалення праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны". У Батумі, Кракаве, Варшаве і Вільні прайшлі акцыі салідарнасці з затрыманымі "вясноўцамі". Акцыі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі ў Францыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Літве, Польшчы, Аўстрыі, Грузіі, Украіне і іншых краінах. -
23 верасня 2021
Леанід Судаленка сустракае свой дзень народзінаў у зняволенні.
"Я ўжо страціў і страчу на бліжэйшы час свабоду, але застаюся з галоўным - сваім сумленнем і праўдай. А з імі любыя выпрабаванні не страшныя. Усё праходзіць - і гэта пройдзе. Я дваццаць гадоў займаўся абаронай правоў іншых людзей і ў страшным сне не мог уявіць, што гэтую дапамогу ператвораць у крымінальную."
"Вялікі дзякуй за віншаванні з ДН! Таксама за падтрымку і ўвагу да нас, тых, хто аказаўся на гэтым беразе ракі. Гэта тое, чаго не хапае нам усім, гэта тое, што дае нам сілы вытрымаць у паўзмроку падарункі лёсу... Я веру, што ўжо заўтра ўсё будзе інакш."
-
25 верасня 2021
Алесь Бяляцкі сустракае дзень народзінаў у турме.
-
27 верасня 2021
Ліст ад Уладзіміра Лабковіча.
Уладзімір перадае ўсім прывітанне. Вядома, што ён крыху прастудзіўся, але прымаецца бадзёра і добра харчуецца з атрыманых перадачаў. Таксама ў яго за два месяцы за кратамі значна пагоршыўся зрок праз недахоп святла ў камеры. -
КАСТРЫЧНІК 2021
2 кастрычніка 2021
Андрэй Чапюк знаходзіцца ў СІЗА ўжо год.
За гэты час ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграміраванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ. -
6 кастрычніка 2021
Бяляцкаму прад'яўлены абвінавачанні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў.
-
13 кастрычніка 2021
Марфе Рабковай дазволілі першае за доўгі час зняволення спатканне з мужам.
-
14 кастрычніка 2021
Валянцін сустракае свой дзень народзінаў у зняволенні.
"Лісты для мяне зараз ледзь не адзіны канал камунікацыі з навакольным светам. Я зараз жыву лістамі і снамі, У якіх я сустракаюся са сваімі сябрамі, калегамі, сям'ёй, з жывымі і мёртвымі. Калі-небудзь я напішу пра гэтыя сны, сны ў падвалах Пішчалаўскага замка..."
-
22 кастрычніка 2021
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч 100 дзён у зняволенні.
За гэтыя 100 дзён блізкія, сябры і калегі Алеся, Валянціна і Уладзіміра не так шмат атрымалі ад іх лістоў і звестак. Уладзіміру Лабковічу спаўняецца 43 гады.
"Дзень народзінаў я сустрэў цяпло. Паелі самаробны торт з гарбатай. Пісаў казку дзеткам. Былі і паштоўкі з віншаваннямі. Але, на жаль, вельмі шмат віншаванняў згубіліся. Тым прыемней кожны ліст, які прарываецца."
-
22 кастрычніка 2021
Ліст ад Алеся з СІЗА.
"Галоўнае не ўпадаць у дэпрэсію і не сумаваць. Я веру, што хутка ўсё будзе добра. А тое, што нас не забівае, робіць мацнейшым."
-
ЛІСТАПАД 2021
3 лістапада 2021
Вынесены прысуд Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы.
Таццяна Ласіца была асуджаная да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Леанід Судаленка - да трох гадоў пазбаўлення волі. "Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць "дзякуй", звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суду."
18 міжнародных праваабарончых арганізацый заклікаюць адмяніць прысуд.
Заява Камісара Савета Еўропы па правах чалавека Дуні Міятавіч наконт прысуда.
"Рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці павінны быць спыненыя неадкладна. Усе асобы, пазбаўленыя волі за сваю правамерную дзейнасць у галіне грамадзянскай супольнасці, павінны быць вызваленыя ў безумоўным парадак."
-
3 лістапада 2021 18 міжнародных праваабарончых арганізацый заклікаюць улады Беларусі спыніць крымінальны пераслед "вясноўцаў" паводле палітычных матываў. -
17 лістапада 2021 Акцыя ў Стакгольме ў падтрымку палітзняволеных сябраў "Вясны". -
23 лістапада 2021
Пачалася акцыя вершаў "Не толькі Бродскі" ў падтрымку заняволенага вясноўца Уладзя Лабковіча.
"Беларусы і беларускі працягваюць верыць у лепшае для нашай краіны і робяць усё магчымае для гэтага, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі, мякка кажучы, сапраўды часта нагадвае некаторыя вершы Бродскага."
-
24 лістапада 2021
Таццяна Ласіца сустракае свой дзень народзінаў у зняволенні.
"На Дзень народзінаў мне дашлі лісты, паштоўкі, тэлеграмы. Усім вялікі ДЗЯКУЙ! Мне было вельмі прыемна. Усё мне жадалі здароўя, хутчэйшага вяртання дадому. Я зрабіла торт з каржоў, былі цукеркі, кола, спрайт, печыва і іншае, як сапраўдны салодкі стол. Усё прайшло добра."
Human Rights House з Осла павіншавалі Таццяну з днём народзінаў.
-
27 лістапада 2021
Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць Алеся Бяляцкага.
-
28 лістапада 2021
Марфе прад'яўляюць канчатковыя абвінавачанні па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Пра гэта яна распавядае родным у лістах. -
лістапад 2021
Спатканне Леаніда Судаленкі з жонкай.
"Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна змяніцца, скончыцца, і настане пераломны момант."
-
СНЕЖАНЬ 2021
9 снежня 2021
Леаніду прысуджаецца прэмія "За абарону правоў чалавека-2021".
Чатыры беларускія юрысты, сярод якіх сябра "Вясны" Леанід Судаленка, атрымалі прэмію Савета калегій адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) за тое, што адзначыліся сваёй мужнасцю, рашучасцю і адданасцю абароне асноўных правоў грамадзянаў і вяршэнства закона ў Беларусі. -
10 снежня 2021
Марфа Рабкова становіцца пераможцай Нацыянальнай прэміі за дасягненне ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".
"Да мяне прыходзіла адвакатка амаль перад самым НГ, і я даведалася, што стала праваабаронцай года. Гэта такі гонар, я расплакалася :)
Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, адукоўваць, несці веды і абараняць правы чалавека незалежна ад межаў, часу і месца." -
снежань 2021
У снежні Валянцін 3 тыдні ляжыць з пнеўманіяй у турэмным шпіталі.
"Я павінен трымацца, берагчы сілы і здароўе, таму што не маю права памерці тут, я абавязаны вярнуцца жывым да сваіх дзетак і сям'і."
-
снежань 2021
Ліст ад Таццяны Ласіцы.
"Не хвалюйцеся, я трымаюся, не сумую. Цяпер знаходжуся на апеляцыі, новы год буду адзначаць тут."
-
11 cнежня 2021
Валянцін віншуе сваіх калег з Міжнародным днём абароны правоў чалавека.
"Азіраючыся назад, дух захоплівае ад зробленага намі, ад нашай шматгадовай упартай працы. Працы, якая часам выглядвае безнадзейнай, але гэта толькі на першы погляд можа так падацца. Таму ў наш прафесійны дзень, сябры, трымайце галовы высока паднятымі і ганарыцеся тым, што вы робіце!"
-
14 cнежня 2021
Прыходзіць ліст ад Уладзіміра.
"Сёння пяць месяцаў роўна, як я ў вязніцы. Сумна, канешне, асабліва ад разумення, што наперадзе бясконцасць тут. Я б таксама хацеў пабачыць надзею, але тут пакуль халодна, вільготна і няма сонца. А вам трэба ісці наперад. І толькі так!"
-
25 cнежня 2021
Ліст ад Алеся з СІЗА.
"З вялізным жалем даведаўся, што пайшоў з жыцця мой даўні сябра і блізкі мне чалавек Сяргей Гоўша. Гэта вялікая і невымерная страта для нас, для мяне асабіста. Вялікія спачуванні ягонай жонцы і дзецям."
-
снежань 2021
Ліст ад Леаніда Судаленкі.
У ім ён распавядае пра сваё здароўе, акалічнасці крымінальнай справы, разважае над магчымымі вынікамі разгляду яго апеляцыйнай скаргі. "Час ідзе. Ужо тут дванаццаты месяц. Нядаўна вельмі моцна прастудзіўся. Кашаль на начах, пару дзён тэмпературыў. Але выкараскаўся, жонка лекаў перадала. Галоўнае, каб здароўе не падвяло, усё ж такі ўжо не маладыя."
-
снежань 2021 Праваабарончым цэнтрам "Вясна" створана петыцыя за вызваленне сваіх калег. -
СТУДЗЕНЬ 2022
студзень 2022
Прыходзіць ліст ад Уладзіміра.
Уладзімір у лістах калегам расказаў аб тым, як у яго прайшоў вечар З1 снежня. "Новы год тут не адзначаюць. Мы павячэралі і ляглі спаць да 22:00. Гэта і добра. Кожны ляжаў і сумаваў аб сваім."
-
студзень 2022
Ліст ад Валянціна Стэфановіча.
У студзені ён выпісваецца з турэмнага шпіталя. "Я атрымаў шмат віншавальных паштовак і, у тым ліку, ад зусім незнаёмых людзей. Гэта вельмі важна, гэта тое, што ў нас ніхто не адбярэ і не забароніць, - наша салідарнасць."
-
6 студзеня 2022
Марфа Рабкова сустракае 27-годдзе ў СІЗА.
-
11 студзеня 2022
Справа ў дачыненні да Андрэя Чапюка і 9 палітвязняў перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
-
12 студзеня 2022
Ліст ад Судаленкі.
"Да канца студзеня давядзецца ехаць ужо ў лагер на "перавыхаванне". Я маральна гатовы, галоўнае - не падвяло б здароўе. Час ідзе. Тое, што адбываецца на тым беразе ракі, не надае ўпэўненасці, што палітычныя выйдуць заўтра на волю. Але зараз такі час, ніхто не ведае, што будзе заўтра..."
-
14 студзеня 2022
Amnesty International патрабуе вызвалення Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы.
"Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца не здзейснілі ніякага міжнародна прызнанага крымінальнага дзеяння, прысуд ім - пакаранне за іх законную праваабарончую дзейнасць. Судаленка і Ласіца павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя."
-
18 студзеня 2022
Суд не задаволіў скаргу Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна зняволення.
-
18 студзеня 2022
Год з моманту затрымання Леаніда Судаленкі.
-
26 студзеня 2022
Леаніда этапуюць у калонію.
Пасля этапу ў калонію больш за два месяцы Леаніду не перадавалі лісты нават ад родных. Вядома, што да Леаніда некалькі разоў запар не пускалі адваката, адміністрацыя калоніі спасылала на занятасць праваабаронцы на працы. -
ЛЮТЫ 2022
2 лютага 2022
Атрыманы яшчэ адзін ліст ад Уладзіміра Лабковіча.
У ім ён піша, што лісты да яго амаль не даходзяць, хаця і ведае, што яму пішуць родныя, калегі і неабыякавыя людзі. "Лісты не даходзяць зусім. Іншапланецяне вырашылі, што я павінен застацца ў гэтай касмічнай бездані і цемры без лістоў. Мне пападае толькі па адным лісту ад мамы і Ніны. Вось ужо два тыдні з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзірку і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзірцы знікае ўсё: мары, надзеі, час, цеплыня."
-
4 лютага 2022
Таццяну пераводзяць з СІЗА ў папраўчую калонію №4.
"Там свае правілы і патрабаванні, што дазволяць пакінуць, што проста выкінуць давядзецца. Ці змагу там пісаць лісты, ці будзе час... не ведаю. Ёсць магчымасць, гавораць, тэлефанаваць сваякам, нават праз скайп ці вайбер на выбар."
-
8 лютага 2022
У Таццяны з'яўляецца новы "хросны" ў межах кампаніі #WeStandBYyou.
Дэпутат нямецкага Бундэстага і генеральны сакратар Сацыял-дэмакратычнай партыі Кевін Кюнерт пераняў "хроснае" бацькоўства Таццяны Ласіцы. -
13 лютага 2022
Ліст ад Уладзіміра Лабковіча.
"Вельмі ўзрадаваўся, атрымаўшы ад вас цёплую паштоўку, а яшчэ налепкі і выдатныя лісты. Буду на іх пісаць дзеткам працяг казкі. Даўно не мог пачаць пісаць працяг для іх, бо казка павінна быць вясёлай, але настрой у мяне вельмі сумны."
-
24 лютага 2022
ПЭН-клуб Паўднёвай Афрыкі выпусціў падкаст пра Алеся Бяляцкага пад назвай "Пустое крэсла".
-
САКАВІК 2022
сакавік 2022
Ліст ад Таццяны Ласіцы.
"У мяне таксама вельмі загружаныя зараз дні, працую на швейнай фабрыцы, рэжымныя моманты трэба выконваць, працу розную. Так што буду імкнуцца адказваць на лісты, якія прыходзяць да мяне, і па магчымасці ты таксама мне пішы."
-
14 сакавіка 2022
Ліст ад Леаніда Судаленкі.
У ім Леанід расказвае, што працуе дрэваапрацоўшчыкам і не атрымлівае лістоў ад родных. -
14 сакавіка 2022
Ліст ад Валянціна Стэфановіча з асуджэннем вайны ва Украіне.
"Адно можна сказаць - гэта нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў ва гэтага. Мы вяртаемся, прычым імгненна, у часы жорсткага супрацьстаяння з Захадам, як у часы СССР. З усімі наступствамі - жалезнай заслонай і гістэрычнай прапагандай, скіраванай на прамыўку мазгоў людзей."
-
21 сакавіка 2022
Фотапартрэт Алеся Бяляцкага размешчаны на выставе "Вольная Беларусь" у Гданьску.
-
сакавік-красавік 2022
Сур'ёзнае пагаршэнне здароўя Марфы ў СІЗА.
Здароўе палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА-1 сур'ёзна пагаршаецца, ёй патрабуецца тэрміновае абследаванне, але медыцынскую дапамогу ў належным аб'ёме ёй не аказваюць. -
КРАСАКАВІК 2022
12 красавіка 2022
Генпракуратура адмаўляецца адказваць на масавыя звароты наконт неналежных умоў утрымання Марфы Рабковай.
"Імкнуся не думаць пра тое, колькі часу я ўжо правяла ў зняволенні. Я наогул глушу ў сабе ўсе падобныя думкі, каб не хвалявацца лішні раз. Гэта ўсё контрпрадуктыўна. Трэба верыць, што ўсё зменіцца. Бо не магу я думаць пра дрэнныя варыянты развіцця свайго жыцця."
-
25 красавіка 2022
Пачынаецца суд над Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 9 палітвязнямі. Суд зрабілі закрытым.
"Я супакойвала сябе фразай: усё, што нас не забівае, робіць мацнейшым. І яшчэ я ціхенька спявала "Купалінку", каб не было страшна.
У судзе, калі апынулася і ўбачыла шмат людзей, мне так захацелася дадому. Проста ўзяць і выйсці за дзверы. І ў мяне было пачуццё, быццам і не было гэтых 19 турэмных месяцаў, што ўсё гэта мне прыснілася. Але гэта таксама былі горкія думкі. Трэба перажыць і трываць гэты цяжкі перыяд."
Марфа Рабкова"У матэрыялах справы 160 тамоў. Пры гэтым майму абаронцу не было дадзена магчымасці фатаграфаваць. Гэтыя абставіны ўказваюць на тое, што суддзя яшчэ да суда парушае маё права на абарону."
Андрэй Чапюк -
25 красавіка 2022 Напярэдадні 26-годдзя "Вясны" і ў першы дзень суда над Марфай Рабковай і Андрэем Чапюком міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ізноў асуджаюць адвольнае зняволенне "вясноўцаў". -
26 красавіка 2022
Валянцін віншуе сваіх калегаў з гадавінай заснавання "Вясны".
"Дарагія сябры! Віншую нас усіх з нашай 26-ай гадавінай! Для нас гэта вялікі ўзрост, шмат чаго мы зведалі за гэты час, шмат выпрабаванняў прайшлі і яшчэ пройдзем! Перакананы, што мы абавязкова сустрэнемся, абдымемся і будзем крочыць гэтым шляхам разам далей!"
Ваш Валянцін -
20 красавіка - 15 чэрвеня 2022
Знаходзячыся ў СІЗА, галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб сустрэла Марфу Рабкову.
"Марфа выглядае добра. І знешне, і псіхалагічна, і па настроі. Я нават і не думала, што ўбачу Марфу ў іншым стане. Відаць па ўсім, што Марфа ў добрым настроі. Яна ні пра што не шкадуе, нягледзячы на тое, што на яе навешваюць і што ёй пагражае."
-
ТРАВЕНЬ 2022
12 траўня 2022 "Вясна" ўдастоена прэміі The Albie Awards 2022, заснаванай Фондам "Клуні за справядлівасць", у намінацыі "Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі". -
17 траўня 2022
Андрэй Чапюк сустракае свой другі дзень народзінаў у турме.
Старэйшая дарадца Human Rights House Foundation Ані Тусвік Бондэ (Ane Tusvik Bonde) павіншавала Андрэя з 26-годдзем. -
25 траўня 2022
Amnesty International Polska сабрала больш за 5000 подпісаў пад петыцыяй за вызваленне Марфы Рабковай. Іх аднеслі ў беларускую амбасаду.
-
ЧЭРВЕНЬ 2022
30 чэрвеня 2022
Валянцін Стэфановіч чакае завяршэння следства.
"У мяне ўсё добра. Сяджу сабе, чакаю, чым гэта ўсё скончыцца. Пасля суда настане ўжо нейкая пэўнасць. Я вельмі сумую па сваіх дзетках. Дзяўчынкі мае так падраслі! Хочацца абняць іх і прыціснуць да сябе і ніколі больш не адпускаць. Але ўсё гэта мне зараз недаступна."
-
ЛІПЕНЬ 2022
14 ліпеня 2022
Год са дня затрымання Алеся Бяляцкага.
-
14 ліпеня 2022
Год са дня затрымання Валянціна Стэфановіча.
-
14 ліпеня 2022
Год са дня затрымання Уладзіміра Лабковіча.
-
24 ліпеня 2022
Партрэт валанцёркі "Вясны" Таццяны Ласіцы быў створаны мастачкай Ганнай Татур у межах ініцыятывы "Палітвязынка".
-
26 ліпеня 2022
Леанід Судаленка не паверыў, што ва Украіне ідзе вайна.
"З лістамі з волі ўсё кепска, аддаюць праз раз. Пра многія рэчы ён дазнаецца, калі яму паведамляем. Напрыклад, пра вайну ва Украіне паведамілі яму мы. Калі распавялі пра Марыупаль, ён спярша не паверыў, падумаў, што нешта мы не тое прачыталі. У цэлым ён цяпер у курсе і пра РЭП, і пра "Вясну", - распавялі родныя Леаніда."
-
ЖНІВЕНЬ 2022
4 жніўня 2022
У Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі праваабаронцы "Вясны" правялі акцыю ў падтрымку зняволеных калегаў каля амбасады Беларусі ў Вільні. -
9 жніўня 2022
У другую гадавіну пераломных выбараў у Беларусі праваабаронцы "Вясны" на адной з віленскіх вуліц вывесілі плакаты з вядомымі выразамі палітзняволеных калег - Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча.
Словы вясноўцаў загучалі каля знакавага будынку - там перад смяротным пакараннем утрымліваўся кіраўнік паўстання 1863-1864 года Кастусь Каліноўскі. -
жнівень 2022
Валянцін Стэфановіч у лісце падзяліўся сваімі думкамі наконт зняволення.
"Турма зацягвае, чалавек да ўсяго прызвычайваецца, яна ўжо не палохае цябе. Вось і я ўжо не баюся, бо я ўжо ў турме. Менавіта таму я нікуды не паеду адсюль. Я застануся тут, бо калі з'еду ўжо ніколі сюды не вярнуся. А ім мяне больш няма чым палохаць, бо турмы я ўжо не баюся. Такое вось маё рашэнне."
-
ВЕРАСЕНЬ 2022
верасень 2022
Выява Марфы Рабковай з'явілася ў праекце #FramedinBelarus.
-
верасень 2022
Уладзімір Лабковіч даслаў кранальны ліст у адказ на атрыманую бандэрольку ад салідарных людзей.
"Я вельмі захапляюся ўсім, што звязана з Антычнасцю, таму так прыемна было атрымаць паштоўку з Афінамі. Вядома ж і Мінск. Так бы хацеў прагуляцца з жонкай і дзеткамі па Мінску, але баюся, што не давядзецца. Неяк зусім згубіў надзею, што адсюль увогуле ёсць выйсце, што ўрэшце рэшт прыйдзе вызваленне. Вельмі ўж цяжка знаходзіцца тут так бясконца доўга."
-
6 верасня 2022
Вясноўцам агучылі прысуд: Марфе Рабковай - 15 гадоў калоніі, Андрэю Чапюку - 6 гадоў калоніі.
-
6 верасня 2022
Апошняе слова Марфы Рабковай у судзе.
"Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая - мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю - мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!"
-
6 верасня 2022
Апошняе слова Андрэя Чапюка ў судзе.
"Я ведаю, што кожны ў хуткім часе адкажа за свае дзеянні, за свае рашэнні перад грамадствам. Не трэба гэта расцэньваць як пагрозу. Рэальнасць паказвае, што праўда, аб'ектыўнасць і справядлівасць мацнейшыя за бандыцкія метады МУС і КДБ. Людзі не палохаюцца ўстаць на шлях барацьбы за правы!"
-
9 верасня 2022
Вадзім Жаромскі, муж Марфы Рабковай, сустрэўся з ёй у СІЗА пасля прысуду.
"Перадаў ёй прывітанні - яна вельмі дзякуе ўсім. Распавёў пра міжнародную падтрымку і рэакцыі на прысуд міжнароднай супольнасці - была радасная і задаволеная, што яе не забываюць. Прысуд успрыняла адэкватна, кажа: "Бязглуздзіца". На амністыю нават блізка не разлічвае... Але спадзяецца на лепшае!"
-
20 верасня 2022
Валянцін Стэфановіч даслаў вестачку на волю.
"Што б з намі ні здарылася, Вясна была і будзе! Нам ужо 27-ы год пайшоў, і я ўпэўнены, што мы яшчэ адзначым і наша 30-годдзе ўсе разам."
-
23 верасня 2022
Леаніду Судаленку споўнілася 56 гадоў.
Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Павел Левінаў - пра сяброўства з праваабаронцам "Вясны":
"Леанід Судаленка сядзіць, а справа яго жыве. І крымінальная справа ў дачыненні да Леаніда - гэта помста ўладаў Леаніду за яго праваабарончую дзейнасць. За тое, што ён праўдзіва паказваў Беларусь на міжнароднай арэне. Я веру ў яго, што ён годна пройдзе ўгатаваны яму лёсам шлях. І жадаю - не толькі яму, а і сабе - як мага хутчэй абняць свайго брата па праваабароне." -
24 верасня 2022
Палітзняволеная праваабаронца і валанцёрка ПЦ "Вясна" Таццяна Ласіца была нечакана вызвалена з Гомельскай калоніі. За кратамі Ласіца прабыла агулам 1 год і 8 месяцаў. Прычына яе вызвалення - памілаванне.
-
25 верасня 2022
Алесю Бяляцкаму - 60 гадоў!
Як і дзесяць гадоў таму, свой юбілей ён зноў сустракае за кратамі. -
26 верасня 2022
"Кантрабанда" і "фінансаванне пратэстаў" - палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні.
Увесь час да гэтага іх трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў), але стала вядома, што праваабаронцам змянілі абвінавачванні на больш жорсткія. -
29 верасня 2022
"Вясне" ўручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам "Клуні за справядлівасць".
"Вясну" адзначылі ў намінацыі "Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі". Прэмію прымала Аліна Стэфановіч - жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. "Больш за два дзесяцігоддзі мы з мужам і нашы адважныя калегі змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі. Як лідар "Вясны" менавіта ён павінен быў стаяць тут сёння і атрымліваць гэтую выдатную ўзнагароду. Ён не можа гэтага зрабіць, таму што знаходзіцца за кратамі."
-
КАСТРЫЧНІК 2022
7 кастрычніка 2022
Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Разам з Алесем Бяляцкім Нобелеўскую прэмію міру атрымалі ўкраінскі "Цэнтр Грамадзянскіх Свабод" і расійская праваабарончая арганізацыя "Мемарыял". У гэтым годзе беларускі праваабаронца вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру шосты раз. Бяляцкі стаў трэцім чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай. -
7 кастрычніка 2022
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч: "Бяляцкі даўно заслужыў Нобелеўскую прэмію".
"Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў - гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія. Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім "Вясна", - гэта ў ягоным духу, у ягонай філасофіі. Я вельмі рада."
-
13 кастрычніка 2022
"Вясна прыйдзе!". Мастачка Вольга Якубоўская прысвяціла працу Алесю Бяляцкаму.
-
14 кастрычніка 2022
Валянцін Стэфановіч адзначыў у турме свой юбілей - 50 гадоў.
У лісце на волю ён падзяліўся сваім стаўленнем да высунутых абвінавачванняў у "кантрабандзе". "Я закладнік, я палонны, і ўсё будзе вырашацца зусім па-іншаму. Таму мне не важна, што яны там мне ставяць у віну і малююць у гэтай справе. Вінавацяць мяне ў тым, што я дапамагаў людзям.
Ну хай пасадзяць мяне за гэта, за такое сядзець ганарова, мне - праваабаронцу.
Я ганаруся гэтым! Гэта для іх я кантрабандыст, а для людзей я той, хто дапамагаў ім усе гэтыя гады. Так, гэта я! Я той, хто быў на сваім месцы, быў да канца." -
22 кастрычніка 2022
Уладзю Лабковічу споўнілася 44 гады.
"Толькі што атрымаў цудоўную пасылачку ад вас з такімі чароўнымі паштоўкамі, і адразу вырашыў напісаць ліст. Вельмі кепска прыходзяць лісты. Балюча гэта, вядома. Бо лісты - гэта самае радаснае тут. Я пражываю дзень за днём у чаканні лістоў. Зрок псуецца, але я кожны дзень пішу лісты Ніне і дзеткам. Толькі б яны не губляліся. Я вельмі спадзяюся, а раптам мае лісты да вас даходзяць."
-
27 кастрычніка 2022
Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH.
У межах 41-га Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) беларускі праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч пераабраны на сваёй пасадзе.
Стэфановіч перадаў зварот з-за кратаў, які зачыталі на кангрэсе."Праваабарончая салідарнасць - магутная сіла, і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху, да сусветнай гармоніі, любові і міру."
-
27 кастрычніка 2022
Юрыст Павел Сапелка падарыў прэзідэнту Францыі цішотку з выявай зняволенага кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага.
"Дзякуй Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, якая вось ужо 100 год удзельнічае ва ўсіх бітвах. Сёння яна змагаецца, дзякуючы дзеянням гэтых жанчын і мужчын, якія дзейнічаюць супраць беспакаранасці з рызыкай для жыцця. Яны ведаюць, што могуць разлічваць на нашу падтрымку, - напісаў пасля сустрэчы Эманюэль Макрон."
-
ЛІСТАПАД 2022
20 лістапада 2022
На кінафэсце "Bulbamovie" прайшла акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім.
Перад праглядам фільма "Courage" Аляксея Палуяна гледачы праявілі салідарнасць з рэпрэсаванымі ў Беларусі. Усе прысутныя ўзнялі партрэты Алеся Бяляцкага, які ўтрымліваецца ў СІЗА за праваабарончую дзейнасць. -
22 лістапада 2022
Леанід Судаленка дазнаўся пра статус "экстрэміста".
Пра гэта праваабаронцу паведаміла ў лісце ягоная жонка Аксана. "Я яму напісала пра гэтую навіну і пра яго "шчаслівы" нумар 607 у так званым спісе экстрэмістаў. Ён успрыняў гэта як чаканае, але папрасіў закон і падставы ўключэння ў спіс."
-
24 лістапада 2022
Валянцін Стэфановіч: "Уваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка".
Праваабаронца даслаў ліст, у якім падзякаваў за віншаванні з Днём народзінаў і распавёў пра свае навіны. "Часам праз вакно да мяне даносяцца аддаленыя гукі горада. Я нібыта памёр, я выкраслены з жыцця, яно - жыццё, нібыта пастаўленае на паўзу. Там недзе наверсе жыццё ідзе сваёй чарадой, без мяне. Але я не памёр, я жывы! Я не магу памерці, бо вельмі люблю жыццё, сваіх родных і дарагіх людзей. Таму я буду прыкладаць усе намаганні, каб вярнуцца да вас, у жыццё без кратаў. Колькі б часу гэта ні заняло.
Я трымаюся, за мяне не хвалюйцеся, я веру ў лепшае, хаця думаю, што ўваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка." -
28 лістапада 2022
Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.
Па гэтай жа справе будуць судзіць у парадку спецыяльнай вытворчасці і Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. -
СНЕЖАНЬ 2022
2 снежня 2022
Жонка Алеся Бяляцкага пра рэакцыю мужа на Нобелеўскую прэмію міру: "Ён моцна ўражаны гэтай навіной".
На працягу двух месяцаў, што мінулі пасля навіны пра атрыманне прэміі, з СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк бы выказваўся пра прэмію. "На спатканні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной."
-
10 снежня 2022
Алесю Бяляцкаму ўручылі Нобелеўскую прэмію міру. Замест палітзняволенага праваабаронцы яе атрымала яго жонка Наталля Пінчук.
"Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіцьцё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія - узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне."
-
16 снежня 2022
Валянцін Стэфановіч: "Прысуд "Вясне" вясной - гэта сімвалічна".
"Па тэрмінах, думаю, што суд пачнецца ў другой палове студзеня - пачатку лютага. Судзіць будуць доўга, да вясны. Прысуд "Вясне" вясной - гэта сімвалічна )): З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя - адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў."
-
21 снежня 2022
"Сімвал барацьбы за свабоду": партрэт Алеся Бяляцкага - цяпер насупраць амбасады Беларусі ў Літве.
У Вільні адбылося публічнае адкрыццё вялікай фрэскі з партрэтам Алеся Бяляцкага - старшыні ПЦ "Вясна" і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022. "Алесь Бяляцкі для нас з'яўляецца сімвалам і тварам супраціву і барацьбы за свабоду, за дэмакратыю, за еўрапейскую будучыню Беларусі. Ён з'яўляецца Нэльсанам Мандэлам нашых дзён. І Нобелеўскі камітэт гэта прызнаў сваёй узнагародай. У асобе Алеся мы распаўсюджваем вестку пра ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца ў турмах як палітвязні, - адзначыў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Мантас Адаменас."
-
23 снежня 2022 Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выступіла з заявай напярэдадні пачатку суда над Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам. У ёй Абсерваторыя рашуча асуджае крымінальны пераслед праваабаронцаў "Вясны" і паўторна заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць іх. -
СТУДЗЕНЬ 2023
2 студзеня 2023
Уладзімір Лабковіч - намінант на "Праваабаронцу года-2022".
Уладзіміра Лабковіча намінавалі на "Праваабаронцу года-2022" у межах Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі. -
5 студзеня 2023
Пачатак суда над Алесем Бяляцкім, Уладзімірам Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам.
У зале суда Ленінскага раёна Мінска праваабаронцаў утрымлівалі ў кайданках і за кратамі. Праваабаронцы заявілі хадайніцтвы: весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Абодва хадайніцтвы не былі задаволеныя.
У якасці незалежнай назіральніцы на судовае пасяджэнне з Расіі прыляцела Кацярына Яньшына, якая супрацоўнічае з ЦАПЧ "Мемарыял". Журналістку затрымалі, арыштавалі на 15 сутак і пасля дэпартавалі з Беларусі. -
6 студзеня 2023
Трэці Дзень народзінаў Марфы Рабковай за кратамі.
Марфе Рабковай споўнілася 28 гадоў: гэта трэці Дзень народзінаў, які праваабаронца сустракае за кратамі. Яе павіншавала дэпутатка нямецкага Бундэстагу Агнешка Бругер, якая ў межах кампаніі #WeStandByYou з'яўляецца сімвалічнай "хроснай" каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны". -
16 студзеня 2023
Уладзімір Лабковіч кепска сябе адчуваў падчас суда.
Уладзь Лабковіч падчас суда скардзіўся на кепскае самаадчуванне, 10 і 16 студзеня яму выклікалі хуткую дапамогу. Абодва разы дактары казалі, што прычын для шпіталізацыі няма і ён у стане прысутнічаць на судовым пасяджэнні. У лістах на волю праваабаронца ўсе паўтара года ўтрымання пад вартай скардзіўся на пагаршэнне здароўя, няспынныя галаўныя болі, бессань і зніжэнне зроку. -
18 студзеня 2023
Леанід Судаленка за кратамі два гады.
-
30-31 студзеня 2023
У Іспаніі прайшоў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. Ад "Вясны" ў мерапрыемствах брала ўдзел праваабаронца Наталля Сацункевіч.
-
ЛЮТЫ 2023
2 лютага 2023
За месяц на працэсе дапыталі сведак, даследавалі ўсе 284 тамы крымінальнай справы і дапыталі праваабаронцаў.
Скончылася стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. -
3 лютага 2023
Ва Украіне, у Тэрнопалі, адбылося адмысловае гашэнне маркі і канверта, прысвечанага Алесю Бяляцкаму. Акцыю зладзіў украінскі грамадскі дзеяч Уладзімір Ханас.
-
9 лютага 2023
Пракурор запатрабаваў для праваабаронцаў ад 9 да 12 гадоў зняволення.
Пракурор Аляксандр Кароль запатрабаваў для Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакаты настойвалі на невінаватасці праваабаронцаў і прасілі апраўдаць іх. -
13 лютага 2023
Вясноўцы выступілі на судзе з апошнім словам.
Уладзь Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі выступілі на судзе з апошнім словам. Старшыня "Вясны" заклікаў спыніць жорсткае супрацьстаянне і пачаць грамадска-палітычны дыялог. -
21 лютага 2023 PEN International у Міжнародны дзень роднай мовы заклікаў падтрымаць Алеся Бяляцкага. -
28 лютага 2023
Разгляд апеляцыйных скаргаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, а таксама васьмі палітвязняў па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Тэрміны вясноўцаў скарацілі на тры месяцы. -
САКАВІК 2023
2 сакавіка 2023
Звесткі пра праслухоўванне спаткання Леаніда Судаленкі з жонкай.
На працэсе над Алесем Бяляцкім, Уладзімірам Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі пакой кароткатэрміновых спатканняў у СІЗА №3 падчас спаткання Леаніда Судаленкі з жонкай праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. Пракурор акцэнтаваў увагу на тым, што Леанід прасіў яе збіраць чэкі на адваката, лекі і вітаміны, якія жонка набывала яму. -
3 сакавіка 2023
Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзю Лабковічу вынесены прысуды.
Суддзя Марына Запаснік прызначыла Алесю Бяляцкаму 10 гадоў зняволення, Валянціну Стэфановічу - 9 гадоў, Уладзіміру Лабковічу - 7 гадоў. Усім - ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцу Дзмітрыю Салаўёву прысудзілі 8 гадоў калоніі завочна. -
3 сакавіка 2023
Салідарнасць з асуджанымі на вялікія тэрміны вясноўцамі.
Пасля вынясення прысуду па шматлікіх гарадах пракацілася хваля салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі. Міжнародная супольнасць і праваабарончыя арганізацыі выступілі з асуджэннем палітычна матываванага пераследу вясноўцаў. -
4 сакавіка 2023
"Алесь павярнуўся да слухачоў і вельмі шырока і душэўна ўсміхнуўся ў залу".
Слухач працэсу распавёў, як праходзіла апошняе пасяджэнне па справе "Вясны" і як праваабаронцы ўспрынялі прысуд. "Пасля таго як канвой пачаў патрабаваць ад прысутных пакінуць залу, Алесь павярнуўся да слухачоў і вельмі шырока і душэўна ўсміхнуўся ў залу некалькі секунд так, што не ўбачыць яго рэакцыю было проста немагчыма. Гэтым ён паказваў, што ён нязломны, у ім дастаткова сіл на барацьбу і агучаныя тэрміны - гэта толькі перашкода, якую ён пераадолее."
-
7 сакавіка 2023 Пасля вынясення прысуду вясноўцам эксперты ААН заклікалі міжнародную супольнасць нястомна дамагацца праўды і справядлівасці для ўсіх ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. -
15 сакавіка 2023
Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка этапавалі ў калоніі.
Марфу Рабкову этапавалі ў гомельскую ПК №4, Андрэя Чапюка - у івацэвіцкую ПК №22. -
16 сакавіка 2023
КДБ дадаў Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка ў "спіс тэрарыстаў".
Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. -
22 сакавіка 2023
Падчас сесіі Савета ААН па правах чалавека асудзілі пераслед праваабаронцаў у Беларусі.
У Жэневе адбылася "Вусная заява ў межах інтэрактыўнага дыялогу з экспертамі УВКПЧ па Беларусі падчас 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека". Падчас мерапрыемства Балгарыя асудзіла прысуды, вынесеныя Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Алесю Бяляцкаму. Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас у прамове ад імя паўночных балтыйскіх краін, а таксама прадстаўніца Right Livelihood выступілі з крытыкай крымінальнага пераследу праваабаронцаў у Беларусі. -
22 сакавіка 2023
Наталля Пінчук сустракалася з кіраўніцтвам Польшчы.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі і міністр замежных спраў Лукаш Ясіна сустрэліся з Наталляй Пінчук. Таксама імпрэзы з жонкай Алеся Бяляцкага адбыліся ў Варшаўскім універсітэце і ў Беларускім доме ў Варшаве. -
28 сакавіка 2023
Жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук, узяла ўдзел у прэзентацыі кніг "Алесь" выдання Беларускага ПЭНа і "Алесь Бяляцкі на Свабодзе" выдання "Бібліятэкі Радыё Свабода" ў Вільні.
Таксама Пінчук выступіла ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, сустрэлася з Міністрам замежных справаў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам, разам са Святланай Ціханоўскай выступіла на Другім саміце за дэмакратыю, які праходзіў пад патранатам Джо Байдэна. -
29 сакавіка 2023
Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд Бяляцкаму, Стэфановічу і Лабковічу.
Пракурор Аляксандр Кароль падаў апеляцыйны пратэст на прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзю Лабковічу. Дзяржаўнае абвінавачванне першапачаткова патрабавала тэрміны зняволення, большыя на два гады за прызначаныя, і буйнейшыя штрафы. -
КРАСАВІК 2023
5 красавіка 2023
Мастачка Вольга Якубоўская намалявала Марфу Рабкову.
"Жыла-была добрая, разумная, прыгожая, смелая і моцная дзяўчына... звалі яе Марфа Рабкова. Была яна праваабаронцай "Вясны", валанцёркай, дапамагала людзям, вельмі любіла жывёл, ратавала бяздомных катоў... а ўвосень 2020 года прыйшлі да Марфы "злыя ваўкі"...", - пісала Вольга.
-
10 красавіка 2023
Пошта Украіны на прыватную замову выпусціла канверты і маркі ў гонар беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў - праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога ўганаравалі Нобелеўскай прэміяй міру ў 2022 годзе, і пісьменніцы Святланы Алексіевіч, узнагароджанай Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры ў 2015 годзе.
-
13 красавіка 2023
Валянцін Стэфановіч: "Я маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца ў гэты свет".
Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў. "Увязненне падобнае на смерць. Я ўжо пісаў неяк пра гэта. Ты нібыта і не памёр, але надоўга выкраслены з жыцця, і жыццё, яно ідзе, працягваецца, але без цябе. Але я маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца ў гэты свет."
-
14 красавіка 2023
У Цюрыху прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, і з Алесем Бяляцкім у прыватнасці. -
17 красавіка 2023
Прыхільнікі нідэрландскага аддзялення Amnesty International заклікалі падтрымаць каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і накіраваць адмысловы зварот міністру замежных спраў Беларусі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення праваабаронцы. А да гэтага моманту - забяспечыць доступ Марфе да медыцынскай дапамогі і аказаць лячэнне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН. -
20 красавіка 2023
Спектакль-чытанне паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака.
Спектакль-чытанне паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака адбыўся ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме. Сцэнічная адаптацыя ладзілася ў межах праекта DRAMATEN.DOC пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага пісьменніка і рэжысёра Дзмітрыя Плакса. -
20 красавіка 2023
Марфе Рабкова ў СІЗА-1 прапаноўвалі патэлефанаваць сваякам у абмен на прызнанне.
Былая палітзняволеная распавяла, што, калі Марфа Рабкова знаходзілася ў СІЗА-1, сілавікі прапаноўвалі ёй патэлефанаваць бацьку ці бабулі ў абмен на прызнанне, але, нягледзячы на тое, што бацька ў яе хварэў на анкалогію, а бабуля была ў дрэнным стане, Марфа не ішла на такія ўмовы. "У нейкі момант яе выклікаў псіхолаг, даў ліст з весткай аб смерці бабулі, а на наступны дзень прыйшоў ГУБАЗіК і сказаў: "Вось бачыш, мы прапаноўвалі табе патэлефанаваць, але ты ўпарцішся"."
-
21 красавіка 2023
Разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд лідарам "Вясны".
У Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд Алесю Бяляцкаму, Уладзю Лабковічу і Валянціну Стэфановічу. Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнкі пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла. -
26 красавіка 2023
27-я гадавіна заснавання "Вясны".
Праваабарончы цэнтр павіншавалі шматлікія міжнародныя арганізацыі, у тым ліку пастаяннае прадстаўніцтва Францыі пры АБСЕ, Östgruppen, Амбасада ЗША ў Беларусі, праваабарончая арганізацыя ARTICLE 19 ECA, Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары, амбасадары і дыпламаты.
Таксама адбылася акцыя ў Вільні, удзельніцы якой выкарысталі лозунгі з плакатаў "Чарнобыльскага шляху" за ўсю гісторыю яго існавання. Такія плакаты маглі трымаць у руках і зняволеныя вясноўцы, якія заўжды актыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю. -
ТРАВЕНЬ 2023
2 траўня 2023
Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча этапавалі ў калоніі.
Стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў ПК №9 у Горках, Валянціна Стэфановіча - у ПК №15 у Магілёве, а Уладзя Лабковіча - у ПК №17 у Шклове. -
17 траўня 2023
Прэзідэнт Польшчы заклікаў падтрымаць Алеся Бяляцкага.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваёй прамове падчас саміту Рады Еўропы заклікаў падтрымаць лідараў дэмакратычнага руху Беларусі, у тым ліку Алеся Бяляцкага. "Мы павінны ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Андрэя Пачобута і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага."
-
17 траўня 2023
Андрэю Чапюку споўнілася 27 гадоў.
Андрэй Чапюк сустрэў трэці Дзень народзінаў у зняволенні. Валанцёра "Вясны" ў Twitter павіншавала яго сімвалічная "хросная" ў межах кампаніі #WeStandByYou, лідарка парламенцкай групы "Бюндніс90/Зялёныя" ў нямецкім Бундэстагу Катрын Гёрынг-Экард. -
21 траўня 2023
Дзень салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі.
На акцыях з нагоды Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі, якія праходзілі ў розных гарадах свету, узгадвалі і зняволеных праваабаронцаў "Вясны". -
21 траўня 2023
Незалежны мастак-карыкатурыст з Індыі Асім Трыведзі прысвяціў адну са сваіх прац "Вясне".
-
21 траўня 2023
Міжнародная праваабаронца Саша Кулаева звярнулася да палітзняволеных вясноўцаў з адкрытым лістом.
"Мы так чакаем вас! Мы верым, што наша сустрэча не за гарамі, мы зычым вам сіл вытрымаць гэты страшны шлях, мы робім усё, каб бессэнсоўнасць расправы над вамі стала ясная і тым, ад каго яна зыходзіць, бо наладжаная вамі справа працягваецца, ваша невінаватасць у абсурдных абвінавачваннях прагучала на ўвесь свет, кожны праведзены вамі ў няволі дзень дадае вагі вашаму аўтарытэту і пашырае шэрагі тых, хто вас падтрымлівае."
-
21 траўня 2023 103 нобелеўскія лаўрэаты выказалі салідарнасць з Алесем Бяляцкім.
У Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі Міжнародны ПЭН апублікаваў ліст, падпісаны 103 нобелеўскімі лаўрэатамі, у якім выказвалася салідарнасць з пісьменнікам, праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і сябрам ПЭНа Алесем Бяляцкім і асуджалася жорсткае, няспыннае і сістэматычнае задушэнне беларускімі ўладамі незалежных меркаванняў. -
23 траўня 2023
Наталля Пінчук выступіла на World Expression Forum.
Яна заявіла, што яе муж Алесь Бяляцкі, усе зняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў. "Вызваленне зняволеных - не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ. Перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя. Таму вялікая павага тым краінам і палітыкам, якія праяўляюць прынцыповасць і не маюць ілюзій.
Належыць спадзявацца і на цвёрдасць міжнародных арганізацыяў, якія павінны стаяць на варце дэмакратычных каштоўнасцяў і міру." -
28 траўня 2023
Шпацыр салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі ў Вільні.
Праваабаронцы ўзялі ўдзел у шпацыры ĖJIMAS на 5 і 10 кіламетраў у Вільні. Яны выйшлі ў цішотках з выявамі зняволеных калегаў з "Вясны" і такім чынам выказалі сваю салідарнасць з тымі, хто ў гэты час знаходзіцца ў калоніях і не можа свабодна шпацыраваць па горадзе і дыхаць вольным паветрам. -
29 траўня 2023 Беларусы Канады пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй для перадачы яе ў мясцовую Палату абшчын: дыяспара патрабуе неадкладнага вызвалення Марфы Рабковай. -
ЧЭРВЕНЬ 2023
1 чэрвеня 2023
Валянцін Стэфановіч у калоніі працуе на ачыстцы кабеляў.
Стала вядома, што Валянціна Стэфановіча ў магілёўскай ПК №15 накіравалі працаваць на ачыстку кабеляў. Сярод зняволеных гэтая праца лічыцца вельмі шкоднай і нявыгаднай, бо плацяць за яе лічаныя капейкі. -
14 чэрвеня 2023
Бяляцкі, Лабковіч і Стэфановіч 700 дзён за кратамі.
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі 700 дзён. Сетка Фонду Дамоў правоў чалавека зладзіла акцыю салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі каля мурала Алесю Бяляцкаму ў Вільні, насупраць амбасады Беларусі ў Літве. -
15 чэрвеня 2023
На найбуйнейшым форуме па правах чалавека ў свеце Цімаці Снайдэр стаў голасам Алеся Бяляцкага.
Вядомы гісторык Цімаці Снайдэр стаў голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Oslo Freedom Forum 2023 - найбуйнейшым форуме па правах чалавека ў свеце, які праводзіцца штогод у Осла, Нью-Ёрку і Тайбэі. "Галасы новай Беларусі" прадстаўляюць 16 маналогаў беларускіх палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага. -
ЛІПЕНЬ 2023
14 ліпеня 2023
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч два гады ў няволі.
-
21 ліпеня 2023
Леанід Судаленка на волі!
З віцебскай калоніі № 3 вызваліўся праваабаронца "Вясны" з Гомеля Леанід Судаленка. Ён цалкам адбыў тэрмін пакарання, прызначаны судом.